Мілагучнасць беларускай мовы і яе праявы на прыкладзе беларускіх калыханак
Выступленне вучня 5 «А» класа Сяргея Красікава на Фестывалі даследчых работ навучэнцаў V‒VII класаў «Пазнанне. Творчасць. Адкрыццё» у сакавіку 2022 г. пад кіраўніцтвам Л.М.Севелевай. Галоўныя адметнасці: У гэтай працы даследуюцца праявы мілагучнасці беларускай мовы на розных узроўнях – гукавым (фанетычным) і словабудоўчым (марфалагічным). Моўны матэрыял бярэцца з ліку беларускіх калыханак – народных і сучасных. Тэзісы даследвання пацверджваюцца колькаснымі разлікамі.
Спампаваць даклад (pdf), постэр (pdf), постэр (jpg).
Мілагучнасць беларускай мовы і яе праявы на прыкладзе беларускіх калыханак
Красікаў Сяргей Генадзевіч
навуковы кіраўнік
Севелева Людміла Міхайлаўна
Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга гімназія № 50 г. Мінска
Мінск, 2022
Анатацыя
У гэтай працы даследуюцца праявы мілагучнасці беларускай мовы на розных узроўнях – гукавым (фанетычным) і словабудоўчым (марфалагічным). Моўны матэрыял бярэцца з ліку беларускіх калыханак – народных і сучасных.
На фанетычным узроўні ў кола нашага зроку трапляюць асаблівасці беларускай мовы, якія робяць вымаўленне больш зручным і прыемным (пераход л, в → ў, падвоеныя мяккія зычныя, прыстаўныя гукі). Колькасна даследуецца гукавая структура склада і прапорцыя «галосныя»:«зычныя». Рэзультаты параўноўваюцца з іншымі мовамі.
На марфалагічным узроўні даследуюцца памяншальна-ласкальныя суфіксы як словабудоўчы сродак мілагучнасці. Колькасна вывучаецца іх сустракаемасць у розных часцінах мовы. Рэзультаты параўноўваюцца з сучаснымі калыханкамі.
Ключавыя словы: мілагучнасць, ласкальнасць, суфікс.
Аб’ект даследавання: беларускія калыханкі.
Прадмет даследавання: словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі.
Мэта даследвання: пацвердзіць мілагучнасць беларускай мовы з дапамогай лічбавых паказчыкаў.
Змест
- Уводзіны
- Вымяральныя праявы мілагучнасці
-
- Фанетычныя праявы мілагучнасці на прыкладзе калыханак
-
- Марфалагічныя праявы мілагучнасці на прыкладзе калыханак
-
- Высновы
- Бібліяграфія
- Дадаткі
Уводзіны
Яшчэ ў першым класе, калі мы пачыналі вывучаць беларускую мову, настаўніца сказала, што наша беларуская мова — адна з самых мілагучных моў у свеце. Я засумняваўся.
Зараз я вучуся ў пятым класе. Мне захацелася праверыць сцвярджэнне, што беларуская мова стаіць на другім месцы ў свеце па мілагучнасці пасля італьянскай [3].
Мая работа пачалася ў бібліяітэцы і анлайн. Праўда, шмат якія крыніцы згадваюць гэты тэзіс. Але я рашыў, што сам праверу гэта сцвярджэнне. Правяраў я яго на самых мілагучных тэкстах — калыханках.
Дома у нас ёсць зборнік народных калыханак [4]. Я часценька адгортваў гэтыя тэксты і перачытваў калыханкі, у якіх галоўны герой — мой любімы кот (котачка). Без ката не абыходзілася ніводная хата. Ката сапраўды клалі ў люльку, каб дзіцяці ў ёй добра спалася. Кот дапамагаў закалыхаць дзіця. Зразумела чаму менавіта гэтыя калыханкі сталі прадметам майго даследвання. Тэксты сучасных калыханак я адшукаў у інтэрнэце [1].
Я высветліў, што мілагучнасць — навуковае паняцце і яе можна вымяраць [3]. Мілагучнасць у мове можа праяўляецца на розных узроўнях [6, стст. 67, 446]. Такімі даследваннямі займаецца навука лінгвістыка і два яе раздзелы – фанетыка і марфалогія. Далей я пакажу, як мілагучнасць праяўляецца на двух гэтых узроўнях.
Вымяральныя праявы мілагучнасці
1. Фанетычныя праявы мілагучнасці на прыкладзе калыханак
Першая праява мілагучнасці заключаецца ў тым, як мова гучыць (у яе фанетыцы).
Мілагучнасць мовы вызначаецца як суадносіны зычных і галосных гукаў [3, 5]. Склады, у якіх шмат зычных гукаў і мала галосных, нязручна вымаўляць. Яны ўспрымаюцца як непрыгожыя: /хрушч/, /тлушч/ (1 галосная на 4 зычных).
Наадварот, калі колькасць галосных гукаў прыблізна супадае з колькасцю зычных, то такі склад прыемна і проста вымаўляць: маладыя /ма-ла-ды-йа/ (1 галосная на 1 зычную).
Чым бліжэй прапорцыя «галосныя»:«зычныя» да 1:1, тым мілагучней вымаўленне. Я вымяраў сярэднюю мілагучнасць беларускай мовы на прыкладзе калыханкі «Палез кот на дулі…» [2, 4].
Калыханка
Люлі, люлі, люлі.
Палез кот на дулі,
А з дулі на бэльку.
Зваліўся з габэлькаў,
Зачапіўся за сучок,
І пабіў сабе бачок.
Падрыхтаваўшы фанетычную транскрыпцыю кожнага радка, я разлічыў колькасць зычных і галосных гукаў у табліцы.
Табліца 1. Падлік мілагучнасці ў калыханцы «Палез кот па дулі»
Радок | Тэкст | Транскрыпцыя | Галосных | Зычных |
1 | Люлі, люлі, люлі, | /л’у-л’і-л’у-л’і/ | 4 | 4 |
2 | Палез кот на дулі | /пал’эс кот па дул’і/ | 6 | 8 |
3 | А з дулі на бэльку | /а з дул’i на бэл’ку/ | 6 | 7 |
4 | Зваліўся з габэлькаў, | /звал’iўс’а з габэл’каў/ | 6 | 11 |
5 | Зачапіўся за сучок, | /зачап’iўс’а за сучок/ | 7 | 9 |
6 | І пабіў сабе бачок. | /і паб’iў саб’э бачок/ | 7 | 7 |
Агульная колькасць гукаў | 36 | 46 | ||
Прапорцыя “галосныя”:“зычныя” | 1: 1,28 |
Высновы. Як мы бачым, прапорцыя «галосныя»:«зычныя» блізкая да 1:1. Гэта значыць, што беларуская мова — мілагучная.
А як абстаяць справы ў іншых мовах? Можа, гэта прапорцыя ва ўсіх мовах аднолькавая?
Я звярнуўся да навуковага кіраўніка за падказкай, дзе знайсці калыханкі на іншых мовах. На міжнародным сайце калыханак mamalisa.com [10] я знайшоў патрэбныя мне тэксты трох калыханак: арабскай [8], рускай [7] і італьянскай [9] . Такі ж падлік гукаў для кожнай з іх прыведзены ў табліцы.
Табліца 2. Разлік мілагучнасці замежных калыханак
Калыханка | Транскрыпцыя | Галосных гукаў | Зычных гукаў | Прапорцыя |
Арабская калыханка «Ой, вінаградару!» [8] | /уa biyyā& l-&ennab wa-l-ennabiya qowlo le-#ommī qowlo le-bayye #biyy xtdafowniy al-ghajar men that xaymat majdāliya/ *1 |
35 | 60 | 35:60 = 1 : 1,71 |
Руская калыханка (В. Рабкова) [7] | /уш как сон хад’ил па лафк’э др’ома по палу бр’эла к машэ нашэй забр’эла/ |
22 | 31 | 22:31 = 1 : 1,4 |
Італьянская [9] | /nin:a nan:a nin:a oh qwesto bimbo a ki lo do ? se lo do al:a befana *2 se lo t’jene una set:imana |
33 | 34 | 33:34 = 1 : 1,03 |
*1 Тут /a, ā, e, i, ī, o/ — галосныя гукі, /#, b, g, j, d, x, w, y, h, l, m, n, &, f, q, t/ — зычныя (лацінка), кожная літара — адзін гук, #, & — спецыфічныя арабскія гукі.
*2 Падоўжаныя гукі як /n:/ я лічыў за адзін гук (як /n/)
Высновы: з чатырох моў — беларускай, рускай, арабскай, iтальянской — найбольш мілагучная – iтальянская мова; найменш мілагучная – арабская мова. Прапорцыі мілагучнасці рускай і беларускай моў блізкія адна да адной.
Табліца 3. Параўнаннне разлічанай мілагучнасці моў
Месца | Прапорцыя мілагучнасці “галосныя”: “зычныя” |
Мова |
1 (самая мілагучная) | 1:1,03 | iтальянская |
2 | 1:1,27 | беларуская |
3 | 1:1,45 | руская |
4 (найменш мілагучная з 4) | 1:1,71 | арабская |
Большую мілагучнасць беларускай мове надаюць (напрыклад, у параўнанні з рускай) [5, 6]:
-
пераход л, в → ў («Адмарозіў лапку, // Прыйшоў грэцца ў хатку» [4])
-
асабліва меладычныя гукі: падвоеныя мяккія зычныя гукі: дз, ц, л, і г.д. («Заўтра будзе сонца ззяць /з’:/», «Са здзіўленнем /н’:/ пакемоны сны свае глядзяць» [1])
-
На фоне мяккіх гукаў цвердыя ствараюць дадатковую мелодыю.
-
прыстаўныя гукі в, і, а («вачаняты», «ішоў малы Ягорачка», «як возера хвалі люляе» [1, 4])
-
двайныя формы склонавых канчаткаў назоўнікаў і прыметнікаў («люльку пад грушаю ветрык пагушкае», параўн. з «грушай», «нам з табою спаць пара» [1]).
2. Марфалагічныя праявы мілагучнасці на прыкладзе калыханак
Другая праява мілагучнасці мовы ляжць у тым, як мова пабудавана (у яе марфалогіі), з якіх частак складаюцца словы.
Калыханкі насычаны словамі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі. Памяншальныя суфіксы могуць надаваць словам павагу, ласкальнасць, любоўнае стаўленне да героя, надаюць асобным радкам лёгкасць, робяць песні даходлівымі і зразумелымі [2].
Я даследваў асаблівасці гэтых суфіксаў у беларускіх калыханках.
На прыкладзе народнай калыханкі «Ходзіць кот па сенажаці» ([2, 4], гл. Дадатак 1) я зрабіў падлік памяншальных суфіксаў у розных часцінах мовы (гл. Дадатак 2).
Табліца 4. Падлік памяншальных суфіксаў у народнай калыханцы “Ходзіць кот па сенажаці”
Часціна мовы | Агульная колькасць у калыханцы | Спіс і колькасць часцін з памяншальнымі суфіксамі | Частотнасць памяншальных форм | Суфіксы |
Назоўнік | 28 | 14: дзiцяцi, сонечку-галубочку, Ганулечку, хацiнка, дзетачка, дзяцiнку, коцiк, дрымотку (2), каток, плотку (2), Ганульцы | Памяншальныя формы назоўнікаў складаюць 50% ад усіх назоўных форм. | -iц; -ечк; -очк; -iнк; -ачк; -iк; -к; -ок; -ул |
Прыметнік | 3 | 2: цяпленька, маленька | Памяншальныя формы прыметнікаў складаюць 67% ад усіх прыметнікавых форм. | -еньк |
Дзеяслоў | 20 | 2: начавацькі, калыхацькі | Памяншальныя формы дзеясловаў складаюць 10% ад усіх дзеяслоўных форм. | -кі |
Займеннікі | 6 | 1: усенькiм | Памяншальныя формы займеннікаў складаюць 18% ад усіх займеннікавыхформ. | -еньк |
Высновы: найбольш насычаная памяншальна-ласкальнымі суфіксамі часціна мовы — прыметнік. Большасць прыметнікаў у тэкстах калыханкі маюць ласкальныя адценні. Незвычайная з’ява: памяншальныя суфіксы могуць далучацца не толькі да назоўнiкау і прыметнiкаў, але і да дзеясловаў і займеннiкаў [6, стст. 314, 488].
Народныя калыханкі складваліся цягам стагоддзяў. А ці актуальнае выкарыстанне гэтых суфіксаў у сучаснай мове? Я вырашыў праверыць, ці карыстаюцца гэтымі сродкамі надання мілагучнасці сучасныя аўтары у сваіх калыханках і правёў падобны разлік (гл. Дадаткі 3 і 4) для дзвюх сучасных калыханак: “Cпі, дзяўчынка-малайчынка” і “Ноч рассыпала зораў вагні” ([1], гл. Дадатак 1).
Табліца 5. Памяншальныя суфіксы ў сучасных калыханках
Часціна мовы | “Cпі, дзяўчынка-малайчынка” | “Ноч рассыпала зораў вагні” |
Назоўнік | 39% | 48% |
Прыметнік | 0% | 9% |
Дзеяслоў | 0% | 0 % |
Высновы: сучасныя калыханкі актыўна ўжываюць памяншальна-ласкальныя суфіксы. Часцей за ўсё яны сустракаюцца ў назоўніках, радзей – у прыметніках. Як і ў народных калыханках, прыблізна палова ўсіх назоўнікаў ужываецца ў памяншальна-ласкальных формах (50%, 48%).
Высновы
Беларуская мова — мілагучная. Не дарма яе ставяць на другое месца пасля італьянскай. У гэтым даследванню я пацвердзіў гэта праз колькасны разлік.
Мілагучнасць праяўляецца ў тым, як мова гучыць, і ў тым, як будуюцца яе словы (навукова кажучы, на фанетычным і марфалагічным узроўні).
1. На узроўні гучання (фанетыкі) мілагучнасць праяўляецца шмат у якіх характарыстыках (пераход л, в → ў, падвоеныя мяккія зычныя, чаргаванне мяккіх і цвёрдых зычных, прыстаўныя гукі). Агульнае імкненне гэтых з’яў – разасяродзіць, разгрупаваць збегі зычных і збегі галосных, каб наблізіць склад да формы, у якой на адну галосную прыходзіцца адна зычная. Колькасна гэта выражаецца праз прапорцыю галосных і зычных у словах і сказах мовы. У гэтай рабоце я сам вылічыў такую прапорцыю ў беларускай мове (1:1,28) і іншых мовах. На прыкладзе калыханак я пацвердзіў тэзіс аб тым, што беларуская мова — адна з самых мілагучных моў свету (другая пасля італьянскай у прыкладзе, які вывучаў я).
2. На ўзроўні будовы слова (марфалогіі) мілагучнасць праяўляецца ў актыўным ужыванні памяншальна-ласкальных суфіксаў. У гэтай рабоце я пацвердзіў, што такія суфіксы становяцца абавязковамі для надання выразнасці. Яны могуць ужывацца не толькі ў назоўніках і прыметніках, але нават у дзеясловах і займенніках! Сучасныя аўтары арыентуюцца на народную мову і ўжываюць суфіксы, каб зрабіць мову мілагучней. Так, праз стагоддзі захоўваецца вялікі ўзровень памяншальна-ласкальных форм у назоўніках: палова (!) назоўнікаў у даследаваных тэкстах – памяншальна-ласкальныя.
Такім чынам, мілагучнасць — гэта шматузроўневая характэрная рыса беларускай мовы, якую мы захоўваем праз стагоддзі.
Бібліяграфія
-
Букуязаў Дз. Калыханкі [Электронны рэсурс] / Рэжым дасягу: http://bukuyazau.by/natatki/all/kalyhanki. – Дата дасягу: 14.01.2022.
-
Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Г. А. Барташэвіч. // Пад рэдакцыяй Кабашнікава К.П. – Мінск, Навука и тэхніка. 1976 – 168 с.
-
Дубоўка, Ул. Некаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасці нашае мовы // Узвышша. — 1927. — № 4.
-
Калыханкі: Вершы: [Для дашк. и малод. шк. узросту] / Уклад. У.Ліпскі. – Мн. : Юнацтва, 1995. – 55 с.
-
Мова нанова: мілагучнасць беларускай мовы: [Электронны рэсурс] / Рэжым дасягу: https://www.movananova.by/zaniatki/ zanyatki-151/teoryya-i-praktyka-movy-milaguchnasc-belaruskaj-movy.html. – Дата дасягу: 14.01.2022.
-
Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова : лінгвістычны кампендыум.– Мн.: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом. 2003. – 672 с.
-
Рябкова В. Уж как сон ходил по лавке: русская колыбельная [Электронный ресурс] / Режим доступа: https://колыбельные-песни.рф/media/uzh-kak-son-hodil-po-lavke. – Дата доступа: 14.01.2022.
-
Baji F. Hey, Grape Seller: An Arabic lullaby [Electronic resource] / Mode of access: https://www.mamalisa.com/?t=es&p=4842. – Date of access: 14.01.2022.
-
Quinchon S. Ninna nanna, ninna oh: An Italian lullaby [Electronic resource] / Translated by Monique Palomares and Lisa Yannucci. Mode of access: https://www.mamalisa.com/?t=es&p=2168. – Date of access: 14.01.2022.
-
Yannucci L. Mama Lisa’s World: International Music & Culture [Electronic resource] / Mode of access: https://mamalisa.com. – Date of access: 14.01.2022.
Дадаткі
Дадатак 1. Калыханкі, выкарыстаныя для падліку суфіксаў
Ходзіць кот па сенажаці [2, 4]
Ходзіць кот па сенажаці,
Кліча сон ён да дзіцяці.
Ой, сонечку-галубочку,
Прыспі маю Ганулечку.
Ходзіць сон каля вакон,
А дрымота каля плота.
І пытае сон дрымоту:
— Дзе мы будзем начаваць?
— Дзе хацінка цяпленька,
Дзе дзетачка маленька,
А мы пойдзем начавацькі
І дзяцінку калыхацькі.
Ходзіць певень па капусце,
Носіць сон у белай хустцы.
Ўсенькім дзецям прадаваў,
А Ганульцы дарма даў.
Хадзіў коцік па плотку,
Збіраючы дрымотку.
Каток з плотку зваліўся
І дрымотку забыўся.
А-а, а-а, люлі,
Люлі-люлі-люлі,
А-а, а-а, спаці,
Я буду люляці.
Cпі, дзяўчынка-малайчынка (В. Аколава) [1]
Cпі, дзяўчынка-малайчынка!
Вырастай — хутчэй.
Кацярына-Кацярынка,
Ноч — каля вачэй.
Сон з падушкі — не скрані.
Лён-кашульку апрані.
Мамачку — прысні.
Спі, дзяўчынка-малайчынка.
Пад падушкай — дзень.
Кацярына-Кацярынка,
Расці-маладзей.
Сон з падушкі — не скрані,
Лён-кашульку апрані.
Бацечку — прысні.
Спі, дзяўчынка, малайчынка,
3 сонцам рана ўстань.
Кацярына-Кацярына,
Вырастай да пань!
Сон з падушкі — не скрані.
Лён-кашульку апрані.
Беларускі край прысні.
Баю-бай! Спачывай!
Што благое — прамінай!
Ноч рассыпала зораў вагні (Н. Арсеннева) [1]
Ноч рассыпала зораў вагні,
Ў сінім небе яны патанулі.
Вее сон над прасторам зямлі,
Люлі, люлі, сыночак мой, люлі.
З срэбных зораў, з чырвоных агнёў
Упляту я праменны вяночак,
Над галоўкай завешу тваёй,
Люлі, люлі, засні, мой сыночак.
Нібы плачучы, ў кропельках слёз
Прыгажунні-бярозы паснулі;
Гэта ў перлы прыбраў іх мароз.
Люлі, люлі, сыночак мой, люлі.
Тыя перлінкі-слёзкі збяру,
Наніжу з іх пяцёркаў шнурочак
I на шыйку завешу тваю.
Люлі, люлі, засні, мой сыночак…
Сее ночка чароўныя сны
Над палямі зямелькi-матулі.
Сніць усё… Сні-ж аб сонцы і ты…
Люлі, люлі, сыночак мой, люлі…
З срэбных зораў, з чырвоных агнёў
Упляту я праменны вяночак,
Над галоўкай завешу тваёй,
Люлі, люлі, засні, мой сыночак.
Будуць зоркі малому свяціць,
Будзе з імі маленькі гуляць,
Будуць сны залатыя дарыць.
Люлі, люлі, мой сыночак.
Дадатак 2. Падлік памяншальных суфіксаў у народнай калыханцы\
«Ходзіць кот па сенажаці»
Часціна мовы | Агульны спіс і колькасць у калыханцы | Спіс і колькасць часцін з памяншальнымі суфіксамі | Частотнасць памяншальных форм | Суфіксы |
Назоўнік | 28: кот, сенажацi, сон (4), дзiцяцi, сонечку-галубочку, ганулечку, вакон, дрымота (2), плота, хацiнка, дзетачка, певень, капусце, дзяцiнку, хустцы, дзецям, коцiк,, дрымотку (2), каток, плотку (2), Ганульцы | 14: дзiцяцi, сонечку-галубочку, Ганулечку, хацiнка, дзетачка, дзяцiнку, коцiк, дрымотку (2), каток, плотку (2), Ганульцы | 50% | -iц; -ечк; -очк; -iнк; -ачк; -iк; -к; -ок; -ул |
Прыметнік | 3: цяпленька, маленька, белай | 2: цяпленька, маленька | 67% | -еньк |
Дзеяслоў | 20: ходзiць (3), клiча, прыспi, пытае, будзем начаваць, пойдзем начавацькі, калыхацькі, носiць, прадаваў, даў, хадзiў, збiраючы, звалiўся, забыўся, спацi, люляцi | 2: начавацькі, калыхацькі | 10% | -кі |
Займеннікі | 6: ён, маю, мы (2), усенькiм, я | 1: усенькiм | 17% | -еньк |
Дадатак 3. Падлік памяншальных суфіксаў у сучаснай калыханцы\
“Cпі, дзяўчынка-малайчынка”
Часціна мовы | Агульны спіс і колькасць у калыханцы | Спіс і колькасць часцін з памяншальнымі суфіксамі | Частотнасць памяншальных форм | Суфіксы |
Назоўнік | 33: дзяўчынка (3)-малайчынка (3), Кацярына (4)-Кацярынка (2), ноч, вачэй, падушкi (3), лен (3)-кашульку (3), мамачку, падушкай, дзень, сон (3), бацечку, сонцам, пань, край | 13: дзяўчынка (3)-малайчынка (3), Кацярынка (2), кашульку (3), мамачку, бацечку | Памяншальныя формы назоўнікаў складаюць 39% ад усіх назоўных форм. | -ынк(8); к; ачк; ечк |
Прыметнік | 3: хутчэй, благое, беларускi | 0 | Памяншальныя формы прыметнікаў, дзеясловаў, складаюць 0% ад усіх прыметнікавых, дзеяслоўных форм. | |
Дзеяслоў | 19: спi (3), вырастай (2), не скранi (3), апранi (3), прыснi (3), расцi-маладзей, устань, спачывай, прамiнай | 0 | ||
Займеннікі | адсутнічаюць |
Дадатак 4. Падлік памяншальных суфіксаў у сучаснай калыханцы\
“Ноч рассыпала зораў вагні”
Часціна мовы | Агульны спіс і колькасць у калыханцы | Спіс і колькасць часцін з памяншальнымі суфіксамі | Частотнасць памяншальных форм | Суфіксы |
Назоўнік | 44: ноч (2), зораў (4) вагнi (2), небе, сон, прасторам зямлi, сыночак (7), агнёў (2), вяночак (2), галоўкай (2), кропельках слёз, прыгажунi-бярозы, перлы, мароз, перлiнкi-слезкi, пяцёркаў-шнурочак, шыйку, ночка, сны (2), палямi, зямелькi-матулi, сонцы, зоркi | 21: сыночак (7), вяночак (2), галоукай (2), кропельках, прыгажунi, перлiнкi-слезкi, пяцёркаў-шнурочак, шыйку, ночка, зямелькi-матулi | Памяншальныя формы назоўнікаў складаюць 48% ад усіх назоўных форм. | -очак (3); -к (6); -унь; -iнк; -уль |
Прыметнік | 11: сiнiм, срэбных (2), чырвоных (2), праменны (2), чароўныя, малому, маленькi, залатыя | 1: маленькi | Памяншальныя формы прыметнікаў складаюць 9% ад усіх прыметнікавых форм. | -еньк |
Дзеяслоў | 26: рассыпала (2), патанулi, вее, упляту, завешу (2), заснi (3), плачучы, паснулi, прыбраў, збяру, нанiжу, завешу, сее, снiць, снi-ж, упляту, будуць (2), свяцiць, будзе, гуляць, дарыць | 0 | Памяншальныя формы займеннікаў, дзеясловаў, складаюць 0% ад усіх займеннікавых, дзеяслоўных форм. | |
Займеннікі | 16: яны, мой (5), я, тваёй (2), iх (2), тыя, тваю, усе, ты, iмi | 0 |